“ПРАВАСЛАЎНАЯ КНІГА – ШЛЯХ ДА ДАБРА І МІРУ”

28 сакавіка ў ДУА “Лідская дзіцячая школа мастацтваў” адбылося ўрачыстае свята ў рамках Тыдня праваслаўнай кнігі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Лідская епархія Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы і дзяржаўная ўстанова культуры “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі святары, работнікі бібліятэк, выкладчыкі агульнаадукацыйных і нядзельных школ Лідскай епархіі.

Да ўвагі гасцей была прадстаўлена кніжная выстава “Праваслаўная кніга – шлях да дабра і міру”, якая дэманстравала як старадрукаваную царкоўную літаратуру, так і змяшчала выданні праваслаўнай літаратуры сучаснай рэдакцыі.

Малебен на пачатак усякай добрай справы правёў епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый у саслужэнні духавенства Лідскага благачыння. Пасля агульнай малітвы правячы архірэй нагадаў пра важнасць чытання духоўнай літаратуры.

Са словамі прывітання да прысутных звярнуліся сакратар Лідскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Максім Цыгель і намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Генадзь Анатольевіч Уладыка, які падкрэсліў асаблівую важнасць духоўна-асветніцкай дзейнасці, якую наладзілі ў цесным узаемадзеянні духавенства Лідскага благачыння і бібліятэкары Лідчыны.

З дакладам “Воін Хрыстовы. Жыровіцкі старац схіархімандрыт Мітрафан (Ільін)” выступіў протаіерэй Генадзь Логін, кандыдат багаслоўя, настаяцель храма ў гонар прарока Іллі вёскі Сурынка.

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы атрымала ў падарунак кнігу нарысаў пра жыццё насельніка Жыровіцкага Свята-Успенскага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра схіархімандрыта Мітрафана (Ільіна). Дадзеная кніга будзе цікава ўсім, хто ў цяперашні трывожны час адчувае жыццёвую неабходнасць ўзрастання ў веры.

Таксама перад удзельнікамі выступіў выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі, кандыдат багаслоўя, протадыякан Генадзь Малееў з дакладам на тэму: “Стаўленне хрысціяніна да сябе”.

З музычнымі нумарамі выступілі навучэнцы ДУА “Лідская дзіцячая школа мастацтваў”.

Загадчык аддзела бібліятэчнага

маркетынга ДУК “Лідская раённая

бібліятэка імя Янкі Купалы”                                          Марцінкевіч Дар’я Антонаўна