Святы, які побач… (з вопыту работу)

Доклад учителей белорусского языка и литературы ГУО «Средняя школа №46 г. Витебска Кисель Ольги Васильевны и Костюкевич Алёны Васильевны на онлайн-семинаре «История Православия родного края: опыт и методика изучения» 25 февраля 2021 года.

Тыя, хто працуе з падлеткамі, сутыкаліся з абыякавасцю, са стратай духоўных арыенціраў у дзяцей. У падлеткавым узросце дамінуе схільнасць выбіраць сабе асоб, на якіх яны жадаюць быць падобнымі, чыімі дзеяннямі захапляюцца. Напрыклад, медыя-зорка Вольга Бузава мае больш за 16 мільёнаў прыхільнікаў у інстаграме, а беларускі спявак Ціма Беларускіх – 1 мільён.

Мы з калегай правялі невялікае анкетаванне, дзе падлеткам задалі пытанне:

  1. На каго ты хацеў бы быць падобным?
  2. Якія рысы характару табе здаюцца найбольш прывабнымі?

Трэба адзначыць, што для малодшых падлеткаў (гэта вучні 5 класаў, якім 10–11 год) людзьмі, на якіх яны жадаюць быць падобнымі сталі бацькі, настаўнікі, літаратурныя героі (Гары Потэр, Шэрлак Холмс і г.д.). Для падлеткаў 8 – 9 класаў, гэта узрост 13–16 гадоў, на першае месца выходзяць медыя-персоны. Сярод якасцей, якія выбралі падлеткі: розум, прыгажосць, моц (духоўная і фізічная), уменне зарабляць грошы, смеласць, весялосць, папулярнасць, уменне жартаваць, аптымізм, уменне знайсці выйсце ў любым выпадку, імкненне быць добрым бацькам, маці. Такая якасць як  дабрыня радзей сустракаецца.

А вось міласэрнасць, самаахвярнасць, чалавечнасць, імкненне прыйсці на дапамогу, на жаль, амаль не сустракаліся. І гэта не таму, што не патрэбна або не актуальна ў нашым грамадстве. З сацыяльных сетак, з экранаў тэлевізараў прапагандуецца жыццё дзеля сябе, поўнае прыемнасцей і задавальнення, так званае “лакшэры”. А гэта ўжо не да міласэрнасці і самаахвярнасці. Часта падлеткі не ведаюць прыкладаў іншага жыцця, каб гэта былі не літаратурныя героі, а рэальныя людзі, якія жылі, радаваліся таму, што мелі, пакутвалі, дапамагалі іншым, з годнасцю неслі свой крыж.

Так ужо склалася, што ў абласны горад з’язджаюцца людзі з усей вобласці і не толькі. Бабулі і дзядулі нашых вучняў жывуць у раёнах Віцебшчыны. Таму невыпадкова нас зацікавіла асоба Канстанціна Жданава, ураджэнца Шаркаўшчыны, жыццё якога з’яўляецца прыкладам самаахвярнасці.

Падлеткам цікава, што чалавек, які жыў у раённым цэнтры, у які яны прыязджаюць да бабуль і дзядуль, які, магчыма, хрысціў іх прабабуль і прадзядуль, прызнаны праваслаўнай царквой святым.

Звычайна дзеці лічаць, што святыя – гэта нейкія вельмі далёкія асобы па часе,месцы існавання і не маюць да сучаснасці ніякага дачынення.

Зыходзячы з гэтага, вучням было прапанавана сабраць звесткі пра Канстанціна Жданава. Дзеці адчувалі сябе сапраўднымі даследчыкамі, з цікавасцю ўспрымалі знаёмыя айконімы, урбанонімы.

Напрыклад, нарадзіўся ў Стара-Шаркаўшчыне – вучні знаходзяць месца, дзе жыў будучы святы. Гэта выклікае цікавасць, і вобраз святога становіцца блізкім і жывым.

Кранае падлеткаў расказ пра асабістую трагедыю айца Канстанціна. Ён знаходзіць суцяшэнне не ў штучным аптымізме, а ў дапамозе іншым. ”Гора ад згубы маці ў юнацкім узросце і сіроцтва сына не маглі пакінуць сэрца айца Канстанціна абыякавым да дзіцячага гора” [1, с.10]. Захаваліся дакументальныя сведчанні пра тое, што бацюшка заснаваў прытулак для дзяцей-сірот.

Зацікавіла дзяцей, што будучы святы працаваў настаўнікам. “У 1904 годзе ён быў прызначаны законанастаўнікам Жданаўскага народнага вучылішча, а ў 1908 годзе законанастаўнікам Сасноўскага і Грыгораўшчынскага народных вучылішч. [1, с.17]. Не толькі вучні, але і мы, настаўнікі, задумваемся, якім выкладчыкам быў айцец Канстанцін, як адносіўся да вучняў.

Нікога не пакідае абыякавым аповед пра трагічную смерць Канстанціна Жданава. Чытаючы пра гэта, звяртаем увагу, што айцец Канстанцін, ведаючы, што яго зараз заб’юць, не просіць літасці для сябе, а, звяртаючыся для сваіх забойц, шкадуе іх і просіць не ўтвараць смяротны грэх забойства. Для сучасных дзяцей, для якіх эгацэнтрызм – норма, гэта поўны разрыў шаблонаў.

Чытаючы, вывучаючы “Жыціе святога пакутніка Канстанціна, прэсвіцера Шаркаўшчынскага” можна зацікавіць вучняў краязнаўствам, выкарыстоўваць урыўкі з жыція на ўроках беларускай і рускай мовах, на ўроках літаратуры.

Але самае галоўнае, што можна паказаць прыклад чалавечага жыцця – гарэння, чалавека, які годна і высакародна нёс свой пакутніцкі крыж пры жыцці і зараз не пакідае сваю паству, сваіх вучняў, молячыся за іх каля Божага прастола.

Мы назвалі сваю работу “Святы, які побач”… І ён сапраўды побач, бо ён з намі ў малітвах, а яшчэ ёсць  людзі, сваякі якіх былі сведкамі тых трагічных падзей, і нават імкнуліся дапамагчы, змяніць жахлівы вынік.У аграгарадку Язна жыве Стома Ірына Мікалаеўна, бабуля якой дапамагла выратавацца Алексію Сакалову, язненскаму святару. Айцец Алексій прапанаваў Канстанціну Жданаву бегчы, але будучы святы адмовіўся.

“Я нікому нічога дрэннага не рабіў, ні ў чым не вінаваты, аднак гатовы прыняць усё, что пашле мне Гасподзь”. Калі асуджаных вялі на пакаранне, Алексій Сакалоў, выбраўшы зручны момант, збіў з ног канваіра і збег. Цемнатой вярнуўся ў Язна, пераначаваў усяго адну ноч у прыхаджаніна па прозвішчу Лабадзь, якога потым за гэта расстралялі.

Стома Ірына Мікалаеўна так расказвае пра гэты час.

“Магчыма, іменна ў гэты час і вывозіла мая бабуля святара ноччу бліжэй да заходняй мяжы. Але чаму яна рызыкавала так сваім жыццём і жыццём сваіх маленькіх дачок? Праз амаль сто гадоў знаходжу адказ на гэта пытанне. Аказваецца, чатыры першых дзіцяці ў сям’і маіх бабулі і дзядулі памерлі яшчэ маленькімі. І толькі дзякуючы малітвам святара, так яны лічылі, усе наступныя дзеці выжылі, а іх было пяцёра. І гэты рызыкоўны ўчынак прымаўся, як само сабой зразумелае і ніколі не браўся пад сумненне ў нашай сям’і. Гэта была ўдзячнасць за заступніцтва перад Богам”.

Святар Алексій Сакалоў служыў у Пакроўскім прыходзе ў Інтурку (Латвія). Памёр 30 кастрычніка 1930 года ад сухотаў.  А 2 мая 1934 года быў пасвечаны ў іерэі Пётр Сакалоў, сын Алексія Сакалова.

Бог зганьбены не бывае… У людзей, якія жылі ў той час, ды і ў наш час таксама, ёсць права выбару.

Закончым сваё выступленне радкамі айца Мікалая, якога мы як філолагі ведаем яшчэ пад імем Зніча.

… Вечнасць абрала

Племя і Час

Шлях і Аблічча

І Слова…

Каб прытуліцца да кожнага з нас

Духам і целам ХРЫСТОВЫМ…

Скачать презентацию

Літаратура:

Житие священномученика Константина, пресвитера Шарковщинского / [текст и примеч. монахини Сергии (Бульчик) при участии инокинь Ксении (Цыбульской) и Марии (Симсон), послушниц Ольги Быховцовой и Светланы Сиряченко ; фот. В. Сутягина]. – Полоцк : Спасо-Евфросиниевский женский монастырь, 2011. – 30, [2] с. : ил. икон, цв. ил., портр., факс. – Библиогр.: с. 32 (16 назв.).


Scroll Up