Выйшаў новы нумар журнала «Пакаленне»

Першы ў гэтым годзе нумар “Пакалення” ўчора прывезлі з друкарні. Да падпісантаў часопіс прыйдзе ў пачатку сакавіка, “Пакаленне” па-ранейшаму можна будзе адшукаць у шматлікіх храмах краіны і ва ўсіх храмах Гродна. Тэма новага нумару – “Тры праблемы праваслаўных”. Чаму не дзесяць і не трыста? – Адказ у нумары “З трыма крэсламі”.

«У кожнага свае меркаванні наконт трох найбольш актуальных праблем у сучасным праваслаўным свеце, і калі сабраць гэтыя меркаванні разам, з’явіцца шанец адчуць пульс часу, у якім мы жывем. Нельга думаць, быццам групка журналістаў і аўтараў дазналася раптам аб нейкіх запаветных трох і па вялікім сакрэце вырашыла распавесці чытачу ўсё як ёсць. Зусім не! Наш часопіс таксама пытанне, таксама эксперымент, таксама спроба атрымаць адказ», – распавядае галоўны рэдактар выдання Алена Бабіч.

У рубрыцы “Анфас” лютаўскі нумар прапануе чытачам інтэрв’ю з архімандрутам Савай (Мажука) па пытаніі “ТПП”, характэрных менавіта для беларусаў. Тэме нумару прысвечаны кароткі апыт святароў, якія служаць у розных месцах праваслаўнага свету разам са статыстычным апытам усіх жадаючых у інтэрнэце.

“Вялікі рэпартаж” восьмага нумару распавядзе пра своеасаблівае палескае мястэчка Альшаны, дзе ў савецкі час жыхары здолелі дамагчыся дазволу дзяржавы на пабудову царквы. Фотарэпартаж рубрыкі носіць назву “адзін дзень матушкі Наталлі”. Тут у фотаздымках Аляксея Бібікава і ў выразах беларускіх пісіменнікаў адлюстраваны звычайны дзень мнагадзетнай маці.

Але і на бацьку часопіс не забыўся: у артыкуле “Тата можа? – Тата можа ўсё, што заўгодна!” Павел і Ганна Буй спрабуюць адказаць на спрадвечнае пытанне аб тым, які ён – найлепшы тата. Дзіцячую тэму разам з мастачкай падтрымлівае Марыя Дуброўская ў інтэрв’ю з акторам і рэжысёрам Аляксандрам Ждановічам, які займаецца акторскай справай з дзецьмі, хворымі на сіндром Дауна.

Пра “Свой шлях” да Бога расказваюць пісьменніца Галіна Багданава і журналістка Кацярына Асоўская.

Дызайн нумару гэтым разам сіня-шэры і па ўраджаннях спакойны, магчыма, больш стрыманы, чым папярэднія. Прататыпам вокладкі стала фота, зробленае Кацярынай Межавец і ператворанае ў малюнак.
«Скажу крыху неакуратна: тры крэслы як быццам месца ў міру для трох рублёўскіх анёлаў, як запрашэнне на праваслаўную размову ў сучаснасці, тры крэслы, на якіх пакуль ніхто не сядзіць – тры нагоды вылучыць пытанні і абмеркаваць іх з Божай дапамогай», — дзелiцца думкамi Алёна Бабiч. — Сярод стваральнікаў часопісу ёсць негалосная традыцыя называць нумар па вокладцы: нумар з каштанам, нумар з хамелеонам, а вось цяпер нумар з трыма крэсламі. Спачатку на фота было лета, але наша мастачка – ужо іншая Кацярына – зрабіла з летняга фота зімовую карціну са снегам, імглою і нават царквой удалечыні. Крэслы ж засталіся намесцы і гэтым канчаткова замацавалі нашу неафіцыйную, але паказальную назву нумару», – расказала Алена Бабiч.

Ваш комментарий будет первым

Написать ответ

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.


Scroll Up