ЗНОЙДЗЕНЫ ПЕРШЫ КАНДАК ПРАПАДОБНАМУ ЕЛІСЕЮ ЛАЎРЫШАЎСКАМУ

У даследаваннях гісторыі Лаўрышаўскага манастыра адбылася важная падзея: знойдзены першы кандак (песнапенне) прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму – заснавальніку манастыра ў XIII стагоддзі. Кандак выяўлены ў рукапіснай кнізе XVI стагоддзя «Устав Иерусалимский», якая захоўваецца ў г. Заграб – сталіцы Харватыі.

Першае апісанне гэтай кнігі апублікаваў яшчэ ў 1970 і 1971 г. расійска-югаслаўскі гісторык і філолаг, доктар гістарычных навук і прафесар кафедры гісторыі паўднёвых славян філалагічнага факультэта Універсітэта г. Скоп’е (Паўночная Македонія) протаіерэй Уладзімір Аляксеевіч Мошын (ураджэнец г. Санкт-Пецярбург, 1894 – 1987). Ён вызначыў, што «Устав Иерусалимский» напісаны ў Вялікім княстве Літоўскім у апошняй чвэрці XVI стагоддзя. У 1990 г. паўторнае апісанне кнігі было апублікавана калектывам даследчыкаў. У гэтых апісаннях яшчэ адсутнічалі звесткі пра кандак прп. Елісею, аднак кніга зрабілася вядомай для навукі. Можна было меркаваць, што ў ёй ёсць тэксты, якія адносяцца да праваслаўнай царквы ў Беларусі.

І вось новае вывучэнне кнігі прадпрыняла Жанна Леанідаўна Леўшына – вядучы бібліятэкар сектара старажытнарускіх фондаў аддзела рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі (Санкт-Пецярбург). Яна займаецца даследаваннем старадаўніх царкоўных кніг. У месяцаслове, які змешчаны ў кнізе, пад датай 23 кастрычніка (05 лістапада па новаму стылю) выяўлены запіс памяці прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, а ў запісу – невядомы да гэтага кандак. У якасці трапара ў памяці запісаны трапар усім прападобным.

Дакладнае месца напісання кнігі невядома; не выключана, што яна створана ў Лаўрышаўскім манастыры. У ходзе даследаванняў вызначана, што ў XVII ст. кніга захоўвалася ў царкве архістраціга Міхаіла ў г. Рэшэтыліўка (зараз Палтаўскі раён Палтаўскай вобласці Украіны), а ў XVIII ст. ужо была ў паўднёваславянскіх землях. Доўгі час яна належала бібліятэцы манастыра св. Мікалая, які вядомы таксама як манастыр Арахавіца, у Славонскай епархіі Сербскай праваслаўнай царквы (Славонія – гістарычная вобласць у Харватыі). Ён знаходзіцца ля вёскі Дузлук у Віравітыцка-Подраўскай жупаніі (раёне) ва ўсходняй частцы Харватыі. Першыя звесткі пра яго адносяцца да 1583 г.

Затым, у XX ст., кнігу перадалі ў Гістарычны музей Харватыі ў Заграбе, дзе з ёй і азнаёміўся У. А. Мошын. У 1983 г. «Устав Иерусалимский» быў перададзены ў бібліятэку Славонскай епархіі, а цяпер захоўваецца ў Музеі Сербскай праваслаўнай царквы ў Заграбе.

Таксама вызначана, што «Устав Иерусалимский» быў перапісаны з нейкай больш ранняй кнігі (альбо кніг). Гэта і зразумела: кандак быў складзены, магчыма, яшчэ ў XIV – XV ст., калі ў народзе пачалося шанаванне прп. Елісея. Пасля 1514 г., калі Елісей Лаўрышаўскі быў далучаны да ліку святых на праваслаўным саборы ў Вільні, гэты кандак быў прыняты для ўсёй царквы. Аднак у далейшым, у гады ліхалеццяў, тэкст быў страчаны; таму ў XX ст. быў складзены яшчэ адзін кандак – прападобным Елісею і Лаўрэнцію.

Знойдзены тэкст з’яўляецца важнай крыніцай па гісторыі Беларускай праваслаўнай царквы. Першая яго публікацыя будзе зроблена ў аўтарытэтным навуковым «Белорусским сборнике», які выдаецца ў Санкт-Пецярбургу. Рэдактар зборніка – ураджэнец г. Шчучына Гродзенскай вобласці, загадчык аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, доктар філалагічных навук Мікалай Віктаравіч Нікалаеў. Пасля публікацыі ў зборніку кандак будзе даступны для шырокага апублікавання.

Т. В. Маслюкоў,

магістр гістарычных навук

Фотаздымкі.

  1. У. А. Мошын у працоўным кабінеце. Фота: https://bit.ly/34ko4Gt.
  2. Манастыр св. Мікалая (Арахавіца). Фота: https://bit.ly/2H8SxOX.