У мітусні будняў, калі экраны гаджэтаў засланяюць сабой рэальнасць, ёсць месца, дзе ажываюць цікавыя гісторыі, дзе шолах старонак пераплятаецца з чараўніцтвам лялечных уяўленняў. Гэта свет беларускай кнігі, і часцяком менавіта праз дзверы лялечнага тэатра мы атрымліваем да яго самы цёплы і даступны ключ.
Лялечны тэатр “Усмешка” у дзіцячай бібліятэцы – гэта не проста забаўка для дзяцей. Ён выступае як гульнявая форма працы з кнігай. Гэта магутны інструмент культурнай асветы, асабліва, калі гаворка ідзе пра знаёмства з нацыянальнай літаратурай. Інсцэніраванне літаратурных твораў дапамагае пераўтварыць працэс чытання ў сапраўднае свята. А для самых маленькіх гледачоў, якія яшчэ не ўмеюць чытаць, лялечнае прадстаўленне становіцца першым і самым яркім знаёмствам з персанажамі беларускіх народных казак, з творамі класікаў, адаптаванымі для сцэны. Яны бачаць, чуюць, адчуваюць, і гэта запамінаецца надоўга. Такім чынам, тэатр стварае шчырую, вясёлую, яркую і запамінальную, светлую і сапраўдную дружбу: кніга – лялькі – дзеці.
Уявіце: заслона адкрываецца, і на сцэне з’яўляюцца яны – героі любімых казак, якія ажылі дзякуючы ўмелым рукам лялькаводаў – юных, але такіх таленавітых акцёраў тэатра “Усмешка”. Гэта не проста цацкі, гэта праваднікі ў дзіўны свет, дзе дабро заўсёды перамагае зло, дзе сяброўства цэніцца вышэй за ўсё, а мудрасць продкаў перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Асаблівая ўвага надаецца арганізацыі мерапрыемстваў па папулярызацыі лепшых беларускіх аўтараў і твораў: “Скуль казкі родам” (да 155-годдзя А. Сержпутоўскага), “Прыгоды памаўзлівай Рыскі” (да 60-годдзя А. Бутэвіча), “Прагнасць не ў радасці” І. Сідарука, “Сын і маці” — інсцэніроўка па твору Янкі Купалы, “Чароўныя словы” па творы Ул. Ліпскага, “Лясная паляна” І. Фраловай і інш.
Нельга не заўважыть, што наша Ганцаўшчына таксама слыве таленавітымі пісьменнікамі, якія дораць творы на роднай мове свайму чытачу, а тэатр, у сваю чаргу, ажыўляе гэтыя творы з дапамогай лялькі. Такія пастаноўкі як “Чорны, Калматы ды Рагаты” А. Каско, “На ляной палянцы” В. Гардзея, “З усяго свету ў кніжку гэту” Ул. Марука, “Суд над сарокай”, “З вясёлай торбы дзеда Аляксея” А. Галаскока не могуць пакінуць абыякавым свайго гледача. І што самае каштоўнае, гэтыя героі гавораць на роднай мове. А колькі яшчэ наперадзе пастановак! Дзіця ўбірае ў сябе вобразы, характары, маральныя ўрокі, закладзеныя ў гэтых гісторыях. І пасля спектакля, калі захапленне яшчэ не аціхла, яму можна працягнуць кнігу з тымі ж героямі. І тады чараўніцтва працягваецца ўжо на старонках, адкрываючы дзверы ў свет самастойнага чытання.
Таму, калі вы бачыце афішу лялечнага тэатра, не праходзьце міма. Гэта не проста магчымасць правесці час з дзецьмі. Гэта запрашэнне ў займальнае падарожжа, якое вядзе нас у бязмежны і дзіўны свет беларускай кнігі, поўны мудрасці, прыгажосці і невычэрпнай сілы.
Аўтар – кіраўнік ўзорнага лялечнага тэатра “Усмешка”, Анастасія Віктараўна Занька, ГУК “Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма”, гарадская дзіцячая бібліятэка.



