Свята духоўнай кнiгi ў Шчучыне

Шчучын. Дні праваслаўнай кнігі прайшлі не толькі ў гімназіі ды сярэднеадукацыйных школах райцэнтра, але і ў дзіцячых садках, і нядзельнай школе. 

17 сакавіка святар Ігар Каласоўскі правёў урок праваслаўнай кнігі ў дзіцячым садку №7. Урок прайшоў у зразумелым для дзяцей фармаце – праз казку. Святар пазнаёміў хлопчыкаў і дзяўчынак з дзіцячай праваслаўнай літаратурай, прадстаўленай на выставе дзіцячых праваслаўных выданняў.

21 сакавіка падобнае мерапрыемсіва адбылося ва ўстанове адукацыі “Дзіцячыя яслі-садок №4”, дзе сумеснымі намаганнямі музыкальнага педагога Ірыны Янаўны Сафронавай і святара Сергія Сямашка (клірыка храма Архангела Міхаіла г. Шчучына) было арганізавана цудоўнае прадстаўленне. Дзеці ў гульнёвай форме даведаліся пра літары кірыліцы, прадэманстравалі свае навыкі ў чытанні слоў. Загадчыца садка Алена Аляксандраўна Федасеева, звяртаючыся да калег і дзяцей, падкрэсліла ролю чытання ў развіцці чалавека і ягоных лепшых якасцяў.

Напрыканцы свята да дзяцей звярнуўся благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцярняк:

— Сёння я не толькі яшчэ раз пераканаўся ў тым, якія таленавітыя нашы дзеці, але і атрымаў вялізны запал дабрыні, цеплыні, пазітыву…

Дапоўніла ўзнёслую атмасферу шматпланавая выстава дзіцячай літаратуры, арганізаваная намаганнямі супрацоўнікаў дзіцячай раённай бібліятэкі і святарамі. Выстава была зарыентавана на сямейнае чытанне карысных кніг для душы. Пастараліся і валанцёры – выхаванцы нядзельнай школы пры храме Міхаіла Архангела, якія віншавалі ўсіх са святам духоўнай кнігі і дарылі невялікія абразкі.

30 сакавіка асобны тэматычны ўрок праваслаўнай кнігі адбыўся і ў нядзельнай школе пры храме Міхаіла Архангела. Педагогі Лідзія Уладзіміраўна Чыжык, Ларыса Яўгенаўна Фаміных і Людміла Іванаўна Місюк, святар Сергій Сямашка імкнуліся данесці да выхаванцаў важнасць вялізнага пласту праваслаўнай культуры, якая стагоддзямі фарміравала менталітэт жыхароў Беларусі.

Выхаванцы нядзельнай школы з цікавасцю паглядзелі відэаролік пра асаблівасці старажытнаславянскай азбукі і закладзенага ў кірыліцы паслання нашчадкам, а потым наперабой адказвалі на пытанні віртуальнай віктарыны.

З заклікам шанаваць і чытаць кнігі да юных вернікаў звярнуўся благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцярняк. Ён напомніў дзецям і дарослым, што менавіта духоўная літаратура дапамагае чалавечай душы асвяціцца Божай ласкай.

Ала ГЕОРГІЕВА
Фотакалаж Таццяны СОСНА

http://orthos.org/

Ваш комментарий будет первым

Написать ответ

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.