Неба і зямля сёння злучыліся, бо нарадзіўся Хрыстос:
сёння на зямлю прыйшоў Бог, і чалавек на Нябёсы ўзыйшоў!
(Сціхіра свята на ліціі)
Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя пастыры,
богалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!
З сардэчнай радасцю аб Сыне Божым, які зʼявіўся ў плоці, віншую ўсіх вас са светаспасіцельнай урачыстасцю Ражджаства Хрыстова!
Мэту прышэсця ў свет Спасіцеля лаканічна выказаў свяціцель Афанасій Вялікі, які жыў у IV стагоддзі ў Александрыі: «Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў богам». Прыняўшы Хрыста як Бога ўцялесненнага, мы набываем ад Яго моц і магчымасць сапраўды стаць багамі па мілаце, вярнуцца да мэты свайго існавання, здабыць сапраўдны сэнс жыцця. Такім на пачатку і быў задуманы Адам, але здарылася трагедыя, якую перамяніў Сам Бог, які сёння нарадзіўся, які стаў Новым Адамам, і абнавіў, адрадзіў першага Адама. У пакорлівай Віфлеемскай пячоры Бог аказаў нам вялікае дабрадзейства — стаў Чалавекам, каб Сваёй любоўю ўвайсці ў нашыя сэрцы, пераадолець нашу састарэласць і грахоўнасць, стаць нашым Айцом, Які благаслаўляе і асвячае нас «ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мф. 28:20).
Чым можна адказаць на такую блізкасць Бога, на Яго спагадлівасць, любоў і давер, сведкамі якіх мы зʼяўляемся ў гэта цудоўнае свята? Уважлівым разглядам свайго жыцця, трапяткім і беражлівым стаўленнем адзін да аднаго, добрасумленнай працай, ахвярнасцю і любоўю ў сямʼі і, вядома, жывымі зносінамі са сваім Творцам у малітве і Таінствах Царквы. Для гэтага зазірнем унутр свайго сэрца і ацэнім свае пачуцці, думкі і жаданні перад абліччам Вечнага Жыцця, якое выявілася цяпер у Богадзіцяці, — ці захоча Ён узлегчы ў яслях нашай душы?
Веру, што зямля наша ніколі не збяднее людзьмі, цвёрдымі ў веры, якія імкнуцца да духоўнага ўзыходжання і якія думаюць як аб дабрабыце бліжняга і сваёй Айчыны, так і аб выратаванні ўласнай душы. Навамучанікі і вызнаўцы зямлі Беларускай, здзяйсняючы сваё служэнне ў межах Барысаўскай епархіі, выявілі дзівосныя прыклады богападобнага жыцця, у якім вечнае заўсёды пераважае над часовым. У 2018 годзе мы будзем малітоўна адзначаць 80-годдзе з дня пакутніцкай смерці свяшчэннамучанікаў: прасвітараў Уладзіміра Зубковіча, Дзімітрыя Плышэўскага і епіскапа Рыльскага Іаана (Пашына). Прыклад жыцця навамучанікаў, іх стойкасць у веры, ахвярнае служэнне людзям і Богу не могуць пакінуць нас абыякавымі і патрабуюць пачцівай увагі і глыбокага асэнсавання.
У гэтыя святочныя дні, малітоўна перажываючы найвялікшую падзею чалавечай гісторыі, будзем словам і справай, самім жыццём сведчыць навакольнаму свету аб непераходзячай любові Божай, дадзенай у таямніцы Богаўцялеснення. Святы ўсяленскага і пазача́савага маштабу, прападобны Парфірый Каўсакалівіт, які з усімі абыходзіўся з бязмежнай ласкай і разуменнем, не аддзяляючы праведных ад грэшных, увесь час казаў: «Малітва — гэта набліжэнне да кожнага Божага тварэння з любоўю, гэта значыць — кожны рух здзяйсняць з любоўю, усё рабіць з любоўю». Зважаючы на прыклад Богадзіцяці Хрыста і следуючы словам прападобнага, пастараемся прымірыцца з блізкімі, адкінем грахоўныя звычкі, праявім добрыя сямейныя пачуцці, будзем усё рабіць з любоўю, захоўваючы такі парадак на ўвесь надыходзячы Новы год.
А міласэрны Гасподзь няхай наведае Сваёй благадаццю і чалавекалюбствам кожнага з нас, нашы семʼі, прыходы, святыя манастыры, каб мы змаглі ад шчодрасці і лішку сэрца дарыць адзін аднаму мір, радасць і любоў!
Са святам, дарагія айцы, браты і сёстры!
З Ражджаством Хрыстовым!
ВЕНІЯМІН,
епіскап Барысаўскі і Марʼінагорскі
Ражджаство Хрыстова 2017/2018 года
горад Барысаў