17 сакавіка ў епархіяльнай бібліятэцы пры Свята-Міхайлаўскім кафедральным саборы г. Ліды, якая дзейнічае пры філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4”, распачаў сваю працу выставачны праект “Праваслаўная кніга – шлях да дабра і міру”.
Яго арганізатары – Лідская епархія Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы і ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”.
Праект прымеркаваны да важнай культурнай падзеі – Дня праваслаўнай кнігі, які сёння арганічна ўплятаецца ў Год міру і стварэння. З’яўляючыся скарбніцай высокай культуры, сапраўдных ведаў і непарушнай маральнасці, кніга і чытанне закліканы ствараць сучаснасць з клопатам пра будучыню, дапамагаючы ўсведамляць і ўбіраць веліч духоўна-маральнай спадчыны народа, вопыт папярэдніх пакаленняў.
Праведзенае ў дзень адкрыцця праекта мерапрыемства ўключала ў сябе прэзентацыю двух выстаў: старадрукаванай царкоўнай кнігі і праваслаўнай літаратуры сучаснай рэдакцыі.
Цікавым і змястоўным стала выступленне сакратара Лідскай епархіі протаіерэя Максіма Цыгеля, які паведаміў прысутным пра значэнне Бібліі ў духоўным і свецкім жыцці чалавека, а таксама пазнаёміў з старадаўнімі рэлігійна-царкоўнымі выданнямі, якія адрозніваюцца ўнікальнай культурай кнігадрукавання.
Сучасныя выданні праваслаўнай літаратуры, прадстаўленыя ў другой экспазіцыі выставы, значна адрозніваліся ад выданняў першай. Гэта яркія, маляўнічыя кнігі з фонду епархіяльнай бібліятэкі, які налічвае больш за дзве тысячы экзэмпляраў, не лічачы электронных носьбітаў, часопісаў і календароў. На шматлікім кніжным матэрыяле адлюстраваны шлях Беларускай Праваслаўнай Царквы, гісторыя і лёс яе храмаў і святынь. Экспануюцца жыціі вялікіх беларускіх падзвіжнікаў і святых. Асобна выдзелена праваслаўная мастацкая літаратура для дзяцей.
Агляд кніжных навінак праваслаўнай літаратуры ад беларускіх і расійскіх выдавецтваў прадставіла бібліятэкар філіяла “Лідская гарадская бібліятэка № 4” Анастасія Смаляк.
З мэтай выхавання беражлівых адносінаў да духоўнай і культурнай спадчыны беларускага народа з 17 па 24 сакавіка будуць арганізаваны сустрэчы духавенства Лідскай епархіі з навучэнцамі дзяржаўных устаноў адукацыі г. Ліды. Навучэнцы змогуць адкрыць для сябе шмат новага і цікавага, а таксама атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні.
З выставай можна пазнаёміцца па адрасу: горад Ліда, бульвар князя Гедыміна, 5.
Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Д.А. Марцінкевіч