Выступленне Шкуда Алены Пятроўны, бібліятэкара, Вялічка Рэгіны Станіславаўны, кіраўніка народнага гісторыка-краязнаўчага музея ДУА “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”, аг. Пескі, Мастоўскі раён, Гродзенская вобласць на семінары «Гісторыя Праваслаўя роднаго краю: вопыт і методыка вывучэння» 4 сакавіка 2022 года.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” з’яўляецца ўдзельнікам інавацыйнага праекту «Внедрение модели этнической социализации и формирование поликультурной компетентности личности обучающихся в современном образовательном пространстве на православных традициях и ценностях белоруского народа». На ўсіх ступенях навучання ва ўстанове адукацыі вядзецце факультатыўны занятак “Асновы праваслаўнай культуры”.
Успаміны – гэта той невычэрпны скарб, які дае жывыя веды новым пакаленням. “Чалавечая памяць межаў не мае”, пад такой назвай саветам народнага гісторыка-краязнаўчага музея ўстановы адукацыі сумесна са школьнай бібліятэкай распрацаваны і створаны цэлы блок з запісам успамінаў мясцовых жыхароў. У нашым блоку ёсць некалькі раздзелаў: “Дзеці вайны”, “Халакост”, “Я застаў цябе, вёска, не такой як была ты”, “Песні нашых бабуль” і, вядома, “Нашы святыні”. Справа ў тым, што ў мікрарэгіёне школы знаходзіцца 4 храмы: 2 з іх каталіцкія і 2 праваслаўныя.
Больш за 150 гадоў стаіць ў цэнтры аграгарадка Пескі Свята-Мікалаеўская царква, якая радуе вока і душу, сустракае і праводзіць прыхажан і гасцей сваімі купаламі. Храм быў асвечаны 6 снежня 1870 года, аб чым сведчыць надпіс на прыстольным крыжы.
У выніку вывучэння гісторыі Свята-Мікалаеўскай царквы аг. Пескі, яе значэння ў жыцці людзей, а таксама адносін людзей да святыні, хочацца вызначыць, што знаёмства дзяцей і моладзі з гісторыяй і рэлігійнай культурай мае вялікае значэнне не толькі для выхавання ў іх рэлігійнай духоўнасці, але і з’яўляецца важнай ступенню адраджэння і захавання агульнагістарычнай і патрыятычнай культуры. Царква – гэта наша святыня, гэта наша каштоўнасць, гэта наша спадчына.
Пескаўская царква перажыла часы заняпаду і ганення, але ніколі не была зачыненай.
Гісторыя Пескаўскага храма вельмі цікавая. Сваю працу мы скіравалі на даследаванне і апісанне жыццёвага шляху аднаго з яе святароў – Краскоўскага Канстанціна Васільевіча. Як вядома, людзі рэдка запісваюць свае ўспаміны, таму аб іх мы можам даведацца з успамінаў іншых людзей, якія жывуць і цяпер.
Краскоўскі Канстанцін Васільевіч нарадзіўся ў 1882 годзе. Ён прыехаў у Пескі ў 1931 годзе, адзін, без сям’і. Яго абранніца памерла за два дні да вянчання. Святар Канстанцін прыняў цэлібат. Пасля ўз’яднання Беларусі ў 1939 годзе, яго хацелі расстраляць разам з гаспадыняй кватэры, дзе ён пражываў. Аднак камандзір не дазволіў учыніць самавольную расправу.
Асобна трэба расказаць аб сям’і, дзе пражываў святар Канстанцін. Сям’я Сямашка Меланні была каталіцкага веравызнання, аднак прыняла праваслаўнага святара на кватэру, аказвала яму дапамогу па гаспадарцы. У гэтай хаце святар Канстанцін пражываў да 1957 года. З успамінаў сына гаспадыні Сямашка Станіслава Вітольдавіча: “Ён вучыў старэйшых дзяцей рабіць навагоднія гірлянды з паперы, упрыгожваць ёлку, спяваць песні. Наладжваў з дзецьмі невялікія прадстаўленні. Святар Канстанцін свята захоўваў пасты, піў гатаваную ваду і еў гародніну. У маёй памяці ён застаўся узорам святара”.
Добрымі словамі святара ўспамінаюць і пеўчыя нашай царквы Красько Н. М. і Хандога Н. І., якіх ён ў дзяцінстве вучыў спяваць царкоўныя песні. Дзед Ніны Іванаўны прыслугоўваў у царкве і заўжды браў яе з сабою. Айцец Канстанцін падарыў ёй срэбны ланцужок, які на ўсё жыццё застаўся для яе найдаражэйшым падарункам. Матэрыяльную дапамогу таксама атрымалі ад яго сем’і, якія мелі па шмат дзяцей (сям’я Ухналевіч Ю., адзіная ў Песках сям’я, якая жыла ў зямлянцы і мела шмат дзяцей, сям’я Чубрыка Паўла, у якой было 6 дзяцей). У гада Вялікай Айчыннай вайны царква працавала як звычайна. Бацюшка не падтрымліваў акупацыйны рэжым, дапамагаў бедным і выконваў сваю боскую справу.
У 1944 годзе былі новыя здзекванні над святаром. Некалькі разоў яго папярэджвалі і пагражалі расправай, аднак святар працягваў выконваць свае абавязкі. Намаганні ўлады былі скіраваны на закрыццё царквы. З-за ганення і пагроз святар Канстанцін павінен быў мяняць месца жыхарства і хавацца. Ён прыклаў шмат намаганняў і царква не была зачынена, нават дазвалялася званіць у званы, у той час, калі многія храмы, у тым ліку і Самуйлавіцкая царква, былі зачынены.
Святар Канстанцін служыў у Песках да канца свайго жыцця. Надпіс на адваротным баку фотаздымка, зроблены Філонавай Палінай (1925–1998 гг.), апошняй гаспадыняй, якая працавала царкоўным казначэем больш за 20 гадоў, сведчыць: “Константин Васильевич Красковский 1882 года. Заболел 1 февраля в среду, умер 17 февраля в пятницу в 22.45 вечера. В воскресенье состоялся вынос тела в церковь, в понедельник 20.02.67 г. погребение в Самуйловичах. Вечная память. Царство небесное. 20 февраля 1967 года”.
Вернікі хацелі пахаваць святара каля Пескаўскай царквы, служэнню ў якой ён аддаў усё жыццё, аднак мясцовыя ўлады не дазволілі гэта зрабіць. Таму цела было перавезена ў Самуйлавічы, дзе пакоіліся яго родныя. Пахаваны айцец Канстанцін на мясцовых могілках, не каля царквы, як належыць. Аднак каля Самуйлавіцкай царквы побач з магіламі святароў стаіць крыж з надпісам “Пратаірэй Краскоўскі Канстанцін Васільевіч 1882-1967”. У знак пашаны мы прыносім кветкі на яго магілу.
Па выніках даследавання намі зняты аднайменны відэафільм (https://www.youtube.com/watch?v=PYOrPe3f1Sg), запісаны ўспаміны і створана брашура для школьнага музея. Увесь сабраны матэрыял актыўна выкарыстоўваецца на факультатыўных занятках і ва ўрочнай дзейнасці.
Православные библиотеки Беларуси